Папа прысвяціў сваю ліпеньскую малітоўную інтэнцыю фармацыі ў распазнаванні, падкрэсліваючы важнасць гэтага духоўнага мастацтва ў свеце, які пастаянна змяняецца і патрабуе ўмення прымаць правільныя рашэнні. 

3 ліпеня 2025 года быў апублікаваны новы выпуск “The Pope Video“, які суправаджае і ілюструе малітоўную інтэнцыю Льва XIV на ліпень. Гэтая інтэнцыя, якую Папа даручае Сусветнай сетцы малітвы, прысвечана фармацыі ў распазнаванні:

“Молімся аб тым, каб мы ўсё больш вучыліся распазнаваць, умелі выбіраць жыццёвыя шляхі і адмаўляцца ад усяго, што нас аддаляе ад Хрыста і Евангелля”.

Відэа, падрыхтаванае Сусветнай сеткай малітвы ў супрацоўніцтве з дыяцэзіяй Брукліна, прадстаўляе гісторыю маладой жанчыны, якая заблукала ў лесе і шукае свой шлях. Спыніўшыся, вызваліўшыся ад непатрэбных цяжараў, яна працягвае ісці, выкарыстоўваючы компас і карту. Яна зноў спыняецца, адкрывае Евангелле, прыходзіць да гроту, дзе знаходзіцца статуя Марыі, моліцца ў цішыні і слухае, каб знайсці правільны шлях.

“У мітусні штодзённага жыцця мы павінны навучыцца рабіць паўзы і ствараць сакральныя моманты для малітвы, – каментуе біскуп Роберт Брэнан, Біскуп Бруклінскі. – Менавіта ў гэтых ціхіх прасторах уважлівага слухання мы адкрываем, якія шляхі сапраўды важныя, і знаходзім здольнасць распазнаваць, што сапраўды вядзе да радасці, якая прыходзіць толькі ад Бога”.

Міжнародны дырэктар Сусветнай сеткі малітвы, айцец Крыстабаль Фонэс, тлумачыць: “Фармацыя ў распазнаванні з’яўляецца фундаментальнай для арыентацыі ў складаным свеце. Гэта ўключае малітву, асабістую рэфлексію, вывучэнне Святога Пісання і духоўнае кіраўніцтва. Найважнейшым з’яўляецца культываванне глыбокіх адносін з Езусам”.

Малітва Папы Льва XIV аб распазнаванні

Дух Святы, святло нашага разумення,
далікатны подых, які натхняе нашыя рашэнні,
дай мне ласку ўважліва слухаць Твой голас
і распазнаваць схаваныя рухі сэрца,
каб я мог спасцігнуць, што для Цябе па-сапраўднаму важна,
і вызваліць сэрца сваё ад трывог.

Прашу Цябе аб ласцы навучыцца спыняцца,
усведамляць свой спосаб дзеяння,
пачуцці, якія ўва мне жывуць,
думкі, якія мяне апаноўваюць,
і якіх я так часта нават не заўважаю.

Я прагну, каб мае рашэнні
прыводзілі мяне да радасці Евангелля,
нават калі прыйдзецца перажыць хвіліны сумневаў і знясілення,
нават калі прыйдзецца змагацца, разважаць, шукаць і пачынаць спачатку…
Таму што – у канцы падарожжа –
Тваё суцяшэнне з’яўляецца плёнам добрага выбару.

Дай мне лепш разумець, што мной кіруе,
каб адкінуць тое, што аддаляе мяне ад Хрыста,
і каб усё больш любіць Яго і служыць Яму.

Амэн.

Крыніца: https://www.vaticannews.va/be/papa/news/2025-07/papskaja-intencyja-lipien-2025.html

Арыгінал малітвы: https://www.vaticannews.va/it/papa/news/2025-07/leone-xiv-impariamo-a-discernere.html