Працягваць працу з радасцю, прытрымліваючыся кірунку Евангелля і слухаючы галасы ўсіх, заклікаў Папа супрацоўнікаў часопіса “La Civiltà Cattolica”, які выдаюць езуіты. 

25 верасня 2025 года ў Ватыкане прайшла аўдыенцыя для рэдкалегіі і аўтараў часопіса “La Civiltà Cattolica”, прысвечаная 175-годдзю выдання. Пантыфік падзякаваў супрацоўнікам часопіса за вернае і шчодрае служэнне Святому Пасаду. Часопіс часам называюць “акном у свет”, бо ён адкрыта і смела разважае пра сучасныя выклікі і супярэчнасці,  адзначыў ён.

Леў XIV вылучыў тры асноўныя напрамкі дзейнасці рэдакцыі: вучыць чытачоў адказнаму ўдзелу ў жыцці грамадства, быць голасам апошніх, і несці надзею.

Артыкулы па такіх фундаментальных пытаннях, як сацыяльная справядлівасць, сям’я, адукацыя, новыя тэхналагічныя выклікі і мір, дапамагаюць чытачам лепш разумець сучаснае складанае грамадства. Яны даюць чытачам інструменты, каб кожны мог унесці свой уклад у пабудову больш справядлівага і братэрскага свету,  падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што быць голасам бедных і пакінутых з’яўляецца фундаментальным аспектам жыцця і місіі кожнага хрысціяніна. Гэта патрабуе ўмення слухаць і заставацца побач з хворымі і апошнімі, каб разарваць замкнёнае кола ізаляцыі, адзіноты і глухаты.

Папа таксама нагадаў пра неабходнасць быць пасланнікамі надзеі, супрацьстаяць абыякавасці і расчараванню, нагадваючы, што канчатковая надзея – гэта Хрыстус, наша дарога (пар. Ян 14:6). “У Ім і разам з Ім на нашым шляху больш няма тупікоў і рэалій, якія маглі б спыніць нас і перашкодзіць нам з упэўненасцю любіць Бога і братоў”,  сцвердзіў Леў XIV.

Пантыфік заклікаў гасцей працягваць працу з радасцю, з дапамогай добрай журналістыкі, якая не прытрымліваецца іншага кірунку, акрамя Евангелля, слухаючы галасы ўсіх з паслухмянай лагоднасцю. Місія часопіса  глядзець на свет вачыма Хрыста і сведчыць пра гэта,  нагадаў ён, запэўніўшы прысутных ў малітве і благаславіўшы іх ад усяго сэрца.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Часопіс езуітаў La Civiltà Cattolica ў рускай версіі – laciviltacattolica.ru