Пасля дзесяці дзён малітвы, распазнавання і шчырага дыялогу ў Рыме завяршылася трэцяя сустрэча вышэйшых настаяцеляў Таварыства Езуса. На працягу ўсіх сесій удзельнікі маліліся, слухалі і распазнавалі, закранаючы галоўныя для езуіцкай місіі тэмы: Глабальныя Апостальскія прыярытэты, супрацоўніцтва, Cura Apostolica і Cura Personalis, культура клопату, фармацыя, пакліканне і структуры кіравання.

Нягледзячы на ​​тое, што сустрэча вышэйшых настаяцеляў не мае заканадаўчай улады і не выдае дэкрэтаў, яе роля застаецца істотнай. Яна дае прастору для непасрэдным кіраўнікам паразважаць над глабальным прагрэсам, выклікамі і магчымасцямі. Гэтыя сустрэчы маюць праводзіцца прыблізна кожныя 6 гадоў, пачынаючы з апошняй Генеральнай кангрэгацыі, як гэта прадугледжана 23-м дэкрэтам 34-й Генеральнай кангрэгацыі.

Заключныя пасяджэнні былі прысвечаны збору пладоў гэтых разважанняў.

Слуханне Духа

Айцец генерал прамовіў некалькі заключных слоў у канцы сустрэчы. Ён адзначыў, што вышэйшыя настаяцелі, усведамляючы агульную адказнасць за жыццё і місію Таварыства, падчас сустрэчы паставілі сабе за мэту “ўзрастаць як група, здольная разам распазнаваць духоўныя рухі, якія дзейнічаюць унутры Таварыства, у Касцёле і ў сацыяльных і культурных кантэкстах, у якіх мы жывём, каб лепш выконваць нашу місію паяднання і справядлівасці”.

Ён апісаў метад, які выкарыстоўваўся на працягу ўсёй сустрэчы, якая пачалася з двухдзённых рэкалекцый: слуханне змястоўных прэзентацый, асабістая малітва, абмен думкамі ў невялікіх групах і сустрэчы на ​​пленарных пасяджэннях. Штодзённая Эўхарыстыя, дадаў ён, “дазволіла нам умацаваць сувязь супольнасці сяброў у Пану, якія збіраюцца вакол Яго слова і ў еднасці Яго цела і крыві”.

Місія паяднання і справядлівасці пацверджана

“Мы атрымалі пацверджанне таго, што пасланыя з місіяй паяднання і справядлівасці”, – сказаў айцец Соса. Ён адзначыў, што сустрэча паглыбіла разуменне Глабальных апостальскіх прыярытэтаў як ключавых арыенціраў для місіі Таварыства. Падчас дыскусій удзельнікі таксама разгледзілі складанасць іх практычнай рэалізацыі ў розных правінцыях і рэгіёнах, асабліва ў фармацыі і з тымі, з кім мы падзяляем наша апостальства. Айцец Соса таксама адзначыў важнасць пастаяннага “асабістага, супольнаснага і інстытуцыйнага навяртання, якое гарантуе тоеснасць таго, што мы робім”.

“Святы Айцец Леў XIV пацвердзіў нашу місію, настойваючы на ​​цэнтральным месцы ў ёй Езуса і выпраўляючы нас на межы служэння веры і барацьбы за справядлівасць, на новыя інтэлектуальныя рубяжы і межы лічбавага свету”.

Важныя тэмы

Айцец Соса падсумаваў розныя іншыя тэмы, якія абмяркоўваліся падчас сустрэчы. Ён сказаў, што асноўная частка дыскусій была прысвечана культуры клопату. Клопат пра тых, хто ўдзельнічае ў місіі – езуітаў і супрацоўнікаў – гэта патрабавальная, але істотная адказнасць. Пытанне фармацыі ўдзельнікі акрэслілі як ключавое і заклікалі здольных фарматараў і настаяцеляў ажыўляць супольнасці верай і распазнаваннем.

Айцец генерал таксама казаў пра неабходнасць клопату, у тым ліку пра тых, хто клапоціцца пра іншых, дадаўшы, што стварэнне бяспечнага асяроддзя таксама з’яўляецца вымярэннем культуры клопату.

Айцец Соса адзначыў, што новыя патрабаванні місіі і развіццё Таварыства вымагаюць пераасэнсавання формаў нашага апостальства і структур кіравання.

Ён нагадаў вышэйшым настаяцелям, што сапраўднае спрыянне росту пакліканняў пачынаецца з надзеі на Пана, і заклікаў усіх шчыра маліцца. Ён адзначыў, што адпаведнасць місіі атрыманай намі харызме прыцягвае і падтрымлівае новыя пакліканні.

Ён таксама падкрэсліў важнасць дыялогу паміж пакаленнямі і назваў яго штодзённай задачай, “якая дапамагае па-сапраўднаму перадаць атрыманую намі харызму”.

“Мы спазналі, што праўдзівае распазнаванне адбываецца тады, калі мы свабодна гаворым і пакорліва слухаем”, – сказаў айцец Антуан Керхуэль, генеральны сакратар Таварыства Езуса.

“Гэтая сустрэча дапамагла нам пераасэнсаваць нашу місію ў свеце як езуітаў і адыграе важную ролю ў тым, як мы пракладзём свой шлях у будучыню”.

Трэцяя сустрэча вышэйшых настаяцеляў завяршылася цэлебрацыяй Эўхарыстыі, якую ўзначаліў айцец Артура Соса ў касцёле Іль Джэзу.

Крыніца: https://www.jesuits.global/2025/10/27/society-of-jesus-reaffirms-mission-of-reconciliation-and-justice/

https://www.jesuits.global/2025/10/27/forgiven-sinners-companions-in-mission/