Вось, я вяртаюся ў сваю келлю, да падножжа Боскага табернакулюма, каб пад позіркам Умілаванага весці жыццё найбольш падобнае да жыцця беднага дома ў Назарэце, наколькі слабасць майго сэрца на гэта дазволіць (Бл. Шарль дэ Фуко).

Мала хто адкрывае каштоўнасць адарацыі, хоць амаль кожны прагне яе ў глыбіні сэрца. Гэта акт любові, ператвораны ў малітву.

Прыняць ярмо Езуса

Езус запрашае ўсіх спрацаваных і абцяжараных узяць Ягонае ярмо – даверыцца Яму: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі” (Мц 11, 28-30).

Заклік Езуса адкрывае Ягонае Сэрца, лагоднае, далікатнае, пакорнае, ціхае, далёкае ад ганарлівасці. Яно выпраменьвае спакой і вылівае любоў да тых, хто хоча быць да Яго як найбліжэй. “Ціхі і пакорны” адлюстроўваюць паставу Езуса да Бога і да людзей: да Бога – пастава даверу, паслухмянасці і пакоры. Да людзей – пастава прыняцця, цярплівасці, далікатнасці, гатоўнасці прабачаць і служыць (Бруна Маджоні).

Адпачыць каля Сэрца Езуса

Заклік Езуса да спрацаваных і абцяжараных кажа пра жаночае, мацярынскае адценне Божай любові. Чалавек, які прымае лагоднае, поўнае любові ярмо Езуса, – нібы простае, пакорнае дзіця, шчаслівае ў абдымках маці, таму што ягон фізічныя, псіхічныя і духоўныя жаданні задаволены (гл. Пс 131 (130)). Такія хвіліны сустрэчы з Езусам даюць нам магчымасць па-іншаму паглядзець на будзённае жыццё і напаўняюць яго большым спакоем, упарадкаванасцю і гармоніяй. Езус запэўнівае нас, што калі мы прыходзім да Яго, прысвячаем Яму час, то Ён умацуе нас. Хвілінка, праведзеная з Езусам штодня, стновіцца адпачынкам і дае сілы, каб зноў узяцца за руцінныя абавязкі. Папа Бэнэдыкт XVI заклікае нас:

“Палюбім жа быць з Панам! І тады пра ўсё зможам з Ім пагутарыць. Можам запытваць Яго, прынесці Яму свае турботы і страхі. Свае радасці. Сваю ўдзячнасць, свае расчараванні, свае просьбы і надзеі”. 

Адараваць Езуса

Час, калі мы адпачываем каля Езуса, – гэта адарацыя. Ян Марыя Віянэй, пробашч з Арса, казаў:

“Калі б жыхары неба аднойчы перасталі адараваць Бога, неба ўжо не было б небам. А калі б няшчасныя асуджаныя ў пекле маглі, нягледзячы на ​​свае пакуты, хаця б хвіліну адараваць Пана, пекла перастала б быць пеклам”.

Адарацыя – гэта час блізкай сустрэчы са Святой Тройцай: Богам Айцом, Езусам Хрыстом і Святым Духам. Нашае пазнанне Бога і саміх сябе значна паглыбілася б, калі б мы навучыліся часцей заходзіць у касцёл, каб затрымацца на хвілінку адарацыі, асабліва падчас разгубленасці, адзіноты, бездапаможнасці і праблем.

Звычайна, калі надыходзяць цяжкасці, мы шукаем суцяшэння ў людзей, у сяброў і блізкіх, або ўцякаем у забавы: алкаголь, тэлебачанне, віртуальны свет. Мы забываемся, што ніводзін чалавек не можа дарэшты супакоіць наш боль або вырашыць нашыя праблемы. А падчас адарацыі Езус дае ласку, сілу і суцяшэнне ў прыгнечанасці і няпэўнасці. Прабыванне ў Ягонай прысутнасці набліжае нас да людзей – любоў да іх становіцца глыбокай, свядомай і трывалай, таму што яна абапіраецца на крыніцу сапраўднай і абсалютнай любові: на Бога. Адарацыя не ізалюе чалавека ад іншых, ад свету, нават ад зла. Інакш гэта была б яшчэ адна форма ўцёкаў. Наадварот, адарацыя выходзіць ад Бога і вядзе да рэальнасці свету, да людзей, праблем, цярпення, зла і дапамагае бачыць гэта ў іншым святле – з адноўленым сэрцам і розумам.

Шарль дэ Фуко і адарацыя

Прыгожым сведчаннем, якое пацвярджае гэтую праўду, з’яўляецца жыццё благаслаўлёнага Шарля дэ Фуко. Пасля свайго навяртання і практыкі кантэмпляцыйнага жыцця ў трапістаў Шарль прагнуў больш суровага жыцця.

У Назарэце, дзе гадзінамі адараваў Найсвяцейшы Сакрамэнт, ён адчуў, што яго місія – жыць Езусам: як Ён, прысвячаць шмат часу малітве ў маўчанні, жыць працай сваіх рук, без апостальскай дзейнасці, але сваім жыццём “крычаць” Евангелле. Ён рэалізаваў гэты ідэал у Алжырскай пустыні, спачатку ў Бені-Абэс, дзе дзяліў свой час паміж адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і служэннем бедным жыхарам аазіса, а пазней у Таманрасэце, у зямлі туарэгаў.

Там ён таксама дзяліў свой час паміж адарацыяй, малітвай і служэннем найбяднейшым, і там падчас Першай сусветнай вайны ён быў забіты. Побач з целам знайшлі кансэкраваную Гостыю, перад якой ён пастаянна маліўся, і рассыпаныя нататкі, сярод якіх былі словы, выпісаныя з Евангелля паводле Яна:

“Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застаецца адно; а калі памрэ, то прыносіць багаты плод” (Ян 12, 24).

Досвед Таямніцы

Сустрэча з Езусам падчас адарацыі дае адпачыць і супакойвае сэрца, насычае, дадае сілы і адвагі, каб справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі. Колькі разоў, перажываючы цяжкія хвіліны стомленасці, незадаволенасці, расчаравання, я ўваходзіў у капліцу на хвіліну адарацыі і заўсёды выходзіў падмацаваным і напоўненым энергіяй, каб жыць далей. Адарацыя дапамагае нам лепш усведамляць сябе і сваё жыццё і дае сілы супрацьстаяць усім перашкодам, якія ўзнікаюць штодня.

Адарацыя вучыць нас таямніцы. Не тлумачыць усяго, не вырашае праблем “аўтаматычна”. І не раскрывае цалкам таямніцу Бога і нашага існавання. Хутчэй, мы выносім з адарацыі мноства творчых пытанняў і сумневаў. Нягледзячы на гэта, яна прыносіць глыбокі ўнутраны спакой і радасць, давер да Бога, да людзей, да жыцця.

У адным са сваіх сведчанняў Маці Тэрэза з Калькуты напісала:

“У нашай супольнасці мы рабілі адарацыю раз на тыдзень на працягу гадзіны, потым, у 1973 годзе, вырашылі рабіць адарацыю кожны дзень па гадзіне. З гэтага моманту наша любоў да Езуса стала глыбейшай, любоў да іншых – больш чулай, любоў да бедных – больш спагадлівай, а колькасць пакліканняў падвоілася. Бог паблагаславіў нас шматлікімі і цудоўнымі пакліканнямі”.

Досвед перамены

Часам мы адмаўляемся ад адарацыі Езуса, бо нам здаецца, што замест таго, каб бяздзейна стаяць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, лепш нешта рабіць, працаваць, служыць. Мы забываемся, што гэта магчыма толькі да нейкага часу. Адсутнасць клопату пра свой дух, недахоп часу для Езуса прыводзіць да пусткі, пачуцця бессэнсоўнасці і ўнутранага выгарання. Бывае, мы хаваемся за недахопам часу. А на самай справе не маем часу на многія рэчы, таму што ў нас няма часу на малітву, адарацыю, сузіранне Езуса сэрцам.

Адарацыя ўпарадкоўвае ўсё нашае жыццё. Не толькі духоўнае, але і эмацыйнае, этычнае, супольнаснае. Час, прысвечаны адарацыі, паступова робіць штодзённасць больш арганізаванай, структураванай і глыбокай; мы адчуваем дотык Езуса і павольную перамену сэрца.

Станіслаў Бель SJ

Выява: табернакулюм у капліцы аб’яўленняў св. Марыі Маргарыце Алякок у Парэ-ле-Маніяль.