У мінулы раз мы спыніліся на тэме пакінутасці: стану душэўнага спаду, падчас якога губляецца адчуванне блізкасці Бога, знікае радасць і імкненне да духоўных рэчаў — стану, супрацьлеглага суцяшэнню. У гэтым артыкуле мы працягнем размову пра дынаміку пакінутасці, а таксама разгледзім правілы супраціву «прыёмам» нашага ворага.

У правілах, якія святы Ігнацый Лаёла прыводзіць у «Духоўных практыкаваннях» (далей — ДП), больш увагі надаецца менавіта пакінутасці, бо такія перыяды ў жыцці чалавека — далікатны час; трэба ўмець яго перажыць цярпліва і мудра, тады ён можа стаць выдатнай магчымасцю для духоўнага росту.

Нагадаем, што змяняць прынятыя раней рашэнні ў перыяд пакінутасці — кепская ідэя, а галоўны прынцып заключаецца ў тым, каб цярпліва супрацьстаяць панурым думкам і спакусам, з пакорай і даверам разлічваючы на Божую дапамогу, нават тады, калі мы яе не адчуваем выразна. Толькі такая грунтоўная пастава з’яўляецца ўмовай пошуку адказу на пытанне аб прычынах пакінутасці, якую асабліва востра мы перажываем на фоне папярэдняга духоўнага ўздыму.

Прычыны пакінутасці

Пакінутасць — гэта не Божае пакаранне, частка Божай «педагогікі» адносна нас. Першая прычына пачуцця аддаленасці ад Бога — млявасць, абыякавасць і нядбайнасць у нашых адносінах з Ім, у духоўным высілку, у нашай дзейснай паслухмянасці скіраванаму да нас Слову жыцця, «і таму духоўнае суцяшэнне аддаляецца ад нас па нашай віне» (ДП 322). «Ты цёплы, а не гарачы і не халодны», — звяртаецца Уваскрослы Хрыстус да Касцёла ў Лаадыкеі (пар. Ап 3, 16) і працягвае: «Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся. Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною. Пераможцу дам сесці са Мною на Маім троне, як і Я перамог і сеў з Маім Айцом на Яго троне (пар. Ап 3, 19–21)». Крыніцай таго становішча, якое мы схільныя ўспрымаць як пакаранне, з’яўляецца любоў і рэўнасць нашага Пана і Настаўніка адносна нас і нашага сапраўднага дабра. Не Бог пакідае нас, а мы аддаляемся ад Яго, шукаючы лягчэйшай дарогі. Наш Айцец — не заўсёды і не цалкам, дзякуй Богу! — дазваляе, каб наступствы, закладзеныя ў самім зле, прынеслі шкоду чалавеку, які чыніць зло, і ў перспектыве Божай міласэрнасці гэта павінна служыць заклікам да роздуму і навяртання. Таму будзе няправільна заглыбляцца ў пачуццё віны. Найлепш у такія моманты з пакорай прызнаць сваю памылку, перагледзець прыярытэты і, разлічваючы на Божую дапамогу, падняцца і ісці далей.

Нават калі мы «не робім нічога дрэннага», а проста бяздзейнічаем, мы насамрэч рухаемся назад, таму што духоўны шлях, як вучыць святы Грыгорый Нізскі, — гэта няспынны рух наперад. Вобраз «патрабавальнага Бога», які часта сустракаецца нам у Пісанні, трэба ўспрымаць у такім сэнсе: з павагай ставячыся да нашай свабоды, Бог ведае нашыя рэальныя здольнасці (і давярае ім!) і не гатовы пагадзіцца «на меншае», хоць дасягненне высокай мэты зойме ў нас не дзень і не два. Адначасова наш Нябесны Айцец знаходзіцца побач з намі і дае сілы выконваць тое, чаго Ён ад нас чакае.

Другая прычына, па якой мы можам страціць адчуванне Божай падтрымкі, — мае на мэце «выпрабаваць нас, чаго мы вартыя і наколькі прасунуліся наперад у служэнні Яму і праслаўленні Яго, не атрымліваючы такой шчодрай узнагароды, якую прыносяць багатыя суцяшэнні і вялікія ласкі». Калі параўнаць наш шлях з экскурсіяй у горы, суцяшэнне адпавядае кавалку дарогі па раўніне, поўнай сонца і цяпла, з прыгожай панарамай, якая цешыць вока, а пакінутасць — гэта пад’ём угару, што патрабуе сур’ёзнага намагання і часам суправаджаецца халодным ветрам. Першапачаткова складаныя ўчасткі шляху выклікаюць супраціў, бянтэжаць нас, але трэба прайсці праз іх, каб адолець новыя вышыні. Спачатку можа здавацца, што вяршыня недасягальная, але з цягам часу новыя нечаканыя гарызонты адкрыюцца перад вачыма вандроўніка.

Возьмем прыклад з біблійнай гісторыі збаўлення і ўспомнім, што падарожжа Ізраэля праз Сінайскую пустыню пераважна і было такім выпрабаваннем у неспрыяльным асяроддзі, пазбаўленым выгодаў, а часам — нават самага неабходнага. Мардэхай Лайнер інтэрпрэтуе эпізод у пустыні Сур і Мэрэ (гл. Зых 17, 22–27), калі Ізраэль тры дні не мог знайсці вады, як досвед «бяздоннай духоўнай сухасці», падчас якой неабходна задзейнічаць увесь духоўны рэсурс. Выпрабаванне не з’яўляецца самамэтай, але спрыяе ўмацацаванню духоўных якасцяў, і перш за ўсё, веры, сувязі з Богам. Вандраванне праз пустыню ў сваім глыбінным, сімвалічным вымярэнні датычыцца гісторыі кожнага верніка: гэта шанц паказаць, што мы «штосьці» можам, нават калі не атрымліваем знешняга ўзнагароджання або ўнутранага задавальнення. Гэта шлях ачышчэння ад нашай прыхільнасці да пахвальных узнагародаў, якія, хоць бы і вельмі каштоўныя, ніколі не зраўняюцца па велічы і глыбіні з самім Богам, з нашай еднасцю з Ім. Як піша а. Сільвано Фаўсці, Пан паказвае нам сваю пустую руку для таго, каб мы ўзнялі свае вочы на Яго аблічча.

Іншы вобраз, узяты ў евангеліста Яна (гл. Ян 15), — вобраз ачышчэння-падразання галінак вінаграднай лазы. Лішнія галінкі і лісце трэба прыбраць, каб энергія росту была накіравана на выбраныя галіны, якія прынясуць плод. Сам па сабе працэс такога ачышчэння бязрадасны; тым не менш, ён патрэбны дзеля правільнага росту.

У справе трэцяй прычыны пакінутасці святы Ігнацый дае настаўленне, каб мы не прыпісвалі сабе ўласцівасцяў духоўнага суцяшэння, такіх як паглыбленую павагу, гарачую любоў і г.д., але памяталі, што ўсё гэта — Божы дар і што мы няздольныя спарадзіць гэтыя плады ў сабе самі. Сапраўды, падчас перыяду суцяшэння можа ўзнікнуць спакуса заганарыцца і пачаць любавацца сабой з-за таго, як выдатна ў нас усё атрымліваецца, «звіўшы гняздо ў чужым месцы», як кажа святы Ігнацый. «Таму не дазваляйце сябе звесці, мае ўмілаваныя браты. Усялякае дараванне добрае і ўсялякі дасканалы дар паходзіць звыш ад Айца святла, у якога няма зменлівасці або ценю змены» (пар. Як 1, 16–17). Усведамленне, што духоўныя даброты насамрэч не з’яўляюцца нашай уласнасцю і заслугай, раніць нашую пыху і прымушае пачаць зноў пакорліва ўспрымаць усё нашае існаванне праз прызму Божага дара, дзяліцца якім з іншымі задарма мы пакліканыя.

Гэтая апошняя магчымая прычына стану пакінутасці мае ў сабе іншы аспект. Часам Божы заклік, які гучыць праз словы Евангелля, спрычыняецца да журбы і суму, таму што мы ўсведамляем, як нам далёка да ідэалу вучня, пра якога гаворыць Езус. Зусім як малады чалавек, што прыйшоў з жаданнем атрымаць у спадчыну жыццё вечнае, але ж не быў гатовы адмовіцца ад сваёй маёмасці, мы адыходзім маркотныя (гл. Мк 10, 22), успрымаючы Евангелле ў якасці «закона», а не Добрай Навіны, якая нясе ў сабе моц для нашага навяртання, таму што ў сваім імкненні наперад мы прызвычаіліся разлічваць на свае сілы і прыпісваць сабе ўсе дасягненні. Каб ісці за Хрыстом, давядзецца адкінуць амбіцыйны падыход і глыбей усвядоміць, што мы застанемся вернымі Яму толькі дзякуючы дару Яго Духа. «Праект», да якога мы пакліканыя — Божае Валадарства, — перавышае нашыя дробныя амбіцыі. Тое, што ўласнымі сіламі мы не здолеем зрабіць, «у Бога магчыма» (пар. Мк 10, 27). Штодня мы павінны паглыбляць сваю тоеснасць як вучняў Хрыста, якая перш за ўсё грунтуецца на нашым жаданні быць там, дзе наш Пан, а яно, у сваю чаргу, непадзельна злучана з надзеяй на тое, што блізкасць да Яго стане крыніцай нашай вернасці і сапраўднага сведчання.

Не заўсёды лёгка вызначыць, пра якую менавіта прычыну з пададзеных святым Ігнацыем ідзе гаворка ў канкрэтным выпадку, калі мы апынуліся ў стане пакінутасці; часам некалькі запар або ўсе прычыны разам могуць растлумачыць, што з намі адбываецца.
Яшчэ раз нагадаем, што распазнаванне — гэта працэс, у якім трэба шукаць парады дасведчанага ў духоўных рэчах чалавека. У любым выпадку, падчас пакінутасці варта актыўна кіраваць свае думкі да Бога і Яго любові да нас, успрымаючы ўсе з’явы і падзеі ў святле слоў святога Паўла: «Усё служыць на карысць тым, хто любіць Бога» (Рым 8, 28).

Тактыка ворага і тры правілы супраціву

Для ўмелага рэагавання на разнастайныя выклікі ў нашым духоўным падарожжы разгледзім яшчэ тры правілы, якія адкрываюць спосаб дзеяння нашага праціўніка.

Першае з іх патрабуе некаторай паблажлівасці да святога Ігнацыя ў справе выбару вобразу, якім ён захацеў праілюстраваць сваю думку. (Вось яскравы прыклад таго, наколькі нават вялікія святыя з’яўляюцца дзецьмі свайго часу і культурнай прадузятасці.) У гэтым правіле злы дух параўноўваецца з дакучлівай жанчынай: ён «слабы, калі сутыкаецца з сілай, і дужы, калі сустракаецца з падатлівасцю» (ДП 325); яму трэба даць рэзкі адпор, каб спыніць усе агідныя дамаганні. У адваротным выпадку, калі мы баімся і паказваем слабасць, «няма на зямлі звера больш лютага, чым вораг роду чалавечага» ў ажыццяўленні сваіх намераў.
Зброя злога — страх; ён хоча запалохаць саперніка да здранцвення, пераконваючы, што канец прадвызначаны, што перамога цалкам на ягоным баку і таму супраціўленне не мае сэнсу. Аднак карціна змяняецца кардынальна, калі ён сустракае энергічнае супрацьстаянне і адважны адказ. Ігнацый у сваёй аўтабіяграфіі «Апавяданне пілігрыма пра сваё жыццё» расказвае пра ўласны досвед:

«Яму прыйшла ў галаву адна неадчэпная думка, якая даймала яго, выстаўляючы перад ім цяжар яго жыцця, нібы хтосьці казаў яму ў душы: „Ну, і якім жа чынам здолееш ты зносіць такое жыццё тыя семдзясят год, што табе засталіся?“ Але ён адказваў на гэта, таксама „ўнутрана“, з узмоцненай сілай (бо адчуваў, што гэта паходзіць ад ворага): „Нікчэмны! Ці ты можаш паабяцаць мне хоць адну гадзіну жыцця?“ Так ён пераадолеў гэтую спакусу і застаўся ў супакоі».

Пятра, які ненаўмысна агучвае падшэпты спакусніка, сурова абрывае Езус: «Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!» (пар. Мц 16, 23). Гэтыя словы нашага Пана і Настаўніка няхай будуць для нас прыкладам, як належыць высвятляць паходжанне той ці іншай думкі.

Наступная пастка злога духа — намаганне «захаваць таямніцу», г.зн. не дазволіць падзяліцца сумненнем, спакуснымі думкамі, цяжарам сітуацыі з кімсьці, хто мог бы дапамагчы. Часта гэта адбываецца ў тых выпадках, калі з’яўляецца сорам, імкненне захаваць «прыстойнасць». Ігнацый параўноўвае такую стратэгію злога духа з паводзінамі спакусніка, які не хоча, каб ягоныя брыдкія прапановы выявіліся хоць бы аднаму выпадковаму чалавеку, і такім чынам ён рассявае насенне спакусы, якое, нават калі не прывядзе да граху, то «прарасце» знясільваючымі пакутамі і дарэмнымі ўнутранымі турботамі. У гісторыі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус ёсць эпізод, які добра адлюстроўвае гэтае правіла. Напярэдадні вечных манаскіх абяцанняў яе раптам ахоплівае думка, што пакліканне да манаскага жыцця — не для яе, што да гэтай пары яна была ў летуценным забыцці. Яна піша: «Мне здавалася (бязглуздзіца, якая паказвае, што гэта спакуса), што, калі я раскажу пра сваю боязь настаўніцы, яна не дазволіць мне прынесці абяцанні» («Гісторыя адной душы». Рукапіс „А“, раздз. 8). Тэрэза працягвае: «Я ўсё ж паклікала настаўніцу і, вельмі збянтэжаная, адкрыла ёй стан маёй душы. На шчасце, яна бачыла ясней, чым я, і цалкам мяне супакоіла», і на наступны дзень — дзень шлюбу з Богам — яе «залілі патокі супакою».

Апошняе правіла святы Ігнацый тлумачыць, карыстаючыся вайсковай сімволікай: злы дух, як военачальнік, «ідзе на штурм з самай слабой сцяны» абложанага замка (ДП 327), г.зн. шукае наша слабое месца, «б’е там, дзе баліць». Таму нам таксама трэба ведаць свае слабыя месцы і правільна пабудаваць абарону, каб вораг не заспеў нас знянацку. Адмоўным прыкладам можа паслужыць кароль Саламон, які быў шчодра адораны мудрасцю ад Бога, але паддаўся жаданню валодаць мноствам жонак і наложніц, што, акрамя ўсяго іншага, прывяло да граху ідалапаклонства (1 Вал 11). З іншага боку, Божае Аб’яўленне паказвае нам шлях да перамогі праз нашую слабасць: парадаксальна, «калі я слабы, тады моцны», сцвярджае святы Павел (2 Кар 12, 10), таму што пачуў ад Пана: «Моц удасканальваецца ў слабасці» (2 Кар 12,9). Нам варта няспынна дзякаваць Богу за прыклад тых, хто адкрыў сваю слабасць для дзеяння Божай міласэрнасці, стаўшы «гліняным начыннем» Ягонай ласкі.

З некаторымі нашымі немачамі нам давядзецца жыць да скону дзён, прымаючы іх як частку крыжа і лічачы іх месцам дзеяння Божай міласэрнасці і ласкі. Тым часам, як пранікліва заўважае езуіт Жуль Танэ, гэтае правіла сітуатыўнае: у розных абставінах, у выніку разнастайных папярэдніх умоў і ўплываў мы робімся безабароннымі перад тым ці іншым «ударам». Напрыклад, калі мы ўсведамляем свае няўдачы ці згадваем памылкі мінулага, нас лягчэй закрануць падманнай пакорай і абясцэньваннем уласнай годнасці і жыццёвай місіі; у іншых выпадках, пасля якой-небудзь паспяховай справы, мы, наадварот, трапляем у самалюбаванне і пыху, якія злы дух пастараецца максімальна раздзьмуць.

Яшчэ раз адзначым, што ў сферы духоўнага распазнавання існуе шмат нюансаў, індывідуальных выпадкаў і тонкасцяў, аднак ёсць таксама пэўныя агульныя арыенціры, якія мы і спрабуем разглядаць, звярнуўшыся да ігнацыянскай і больш шырокай хрысціянскай традыцыі. Магчыма, у дадзены момант з усяго вышэйзгаданага вам патрэбная ўсяго адна канкрэтная прылада, карыстацца якой варта навучыцца дзеля таго, каб рухацца наперад на духоўным шляху. Разпазнаванне — хутчэй не дакладная навука, а мастацтва, у якім прымае ўдзел сам Бог, няспынна шукаючы адносінаў з намі і настаўляючы нас у мудрасці, калі мы сапраўды яе прагнем. І таксама гэта няспыннае практыкаванне ва ўсвядомленасці нашага ўнутранага свету, у імкненні ўзрастаць у caritas discreta — любові, якая распазнае.

Зноў пакінем чытачоў з некаторымі пытаннямі, якія могуць дапамагчы ўжываць гэтыя правілы ва ўласным досведзе:

  • Як ты думаеш, якая з разгледжаных прычын часцей за ўсё з’яўляецца прычынай пакінутасці ў тваім духоўным жыцці? Якім чынам гэта адбываецца ў тваім досведзе?
  • Як часта ў тваім жыцці здараюцца перыяды «пустыні», сухасці, адсутнасці духоўнай радасці? Ці бачыш у іх духоўную карысць, магчымасць росту? Што для гэтага трэба рабіць з твайго боку?
  • Ці дасведчыў ты на сабе тактыку спакусніка, які палохае, намагаецца затрымаць у ценю, выбірае слабыя месцы, каб лягчэй нанесці шкоду? Якія канкрэтныя дзеянні ты можаш распачаць, каб змагацца з гэтай тактыкай?

а. Віктар Жук, SJ

Упершыню апублікаваны на catholic.by

Першая частка

Другая частка