Было б цяжка падзяліцца больш контркультурным пасланнем, чым выказванне папы Францішка з гаміліі 2013 года: “Добрыя католікі ўмешваюцца ў палітыку, даючы лепшае з сябе, каб тыя, хто кіруе, маглі кіраваць”, – сказаў ён. “Палітыка, згодна з Сацыяльным вучэннем Касцёла, з’яўляецца адной з найвышэйшых формаў любові, бо служыць агульнаму дабру. Я не магу абмыць рукі, праўда? Мы ўсе павінны нешта даць!”
Разгледзім, што прапануе тут папа Францішак: палітычны ўдзел не толькі варты, але з’яўяецца адной з “найвышэйшых формаў любові”. Любоў у кантэксце братняй дапамогі і дабрачыннасці (лац. сaritas) – найвышэйшая тэалагічная цнота. Такім чынам, папа Францішак кажа, што палітыка – адзін з найбольш значных спосабаў любіць Бога праз дзейсную і канкрэтную любоў да бліжняга. Католікі пакліканы ўдзельнічаць у палітыцы – нават “умешвацца” (!) – замест таго, каб адасабляцца і пазбягаць бязладдзя палітычнага жыцця.
Існуе даволі моцны кантраст паміж абнадзейлівым тонам Святога Айца і некаторымі прыметнікамі, якія сёння часта спалучаюцца са словам “палітыка”, – такімі як палярызаваная, нядзейсная, брудная альбо нават дарэмная.
Было б справядліва задацца пытаннем, ці сапраўды папа Францішак меў на ўвазе тое, што сказаў.
На самай справе пазітыўны погляд Папы Францішка на тое, якой можа быць палітыка, з каталіцкага пункту гледжання не з’яўляецца новым і паўтарае тэму, адлюстраваную ва ўсіх папскіх працах за апошнія 125 гадоў, напрыклад, у энцыкліцы святога папы Яна Паўла ІІ “Evangelium Vitae” (“Евангелле жыцця”): “Абарона і падтрымка чалавечага жыцця – гэта праява ўдзелу ў каралеўскай місіі Хрыста, таму павінна насіць характар служэння любові, якое ажыццяўляецца праз асабістае сведчанне, розныя формы валантарыяту, грамадскай дзейнасці і палітычнага ўдзелу” (EV, 87).
Іх супольнае бачанне палітыкі як каштоўнасці адлюстроўвае каталіцкае вучэнне аб важнай ролі ўрадаў усіх узроўняў у абароне чалавечай годнасці і садзейнічанні агульнаму дабру. Акрамя таго, папа Францішак і яго папярэднікі працавалі з шырокай дэфініцыяй “палітыкі”, якая выходзіць за межы партызанскай бойкі. Яны маюць на ўвазе спосабы аб’яднання мясцовых, нацыянальных і нават глабальных супольнасцей для прыняцця рашэнняў адносна сумеснага жыцця.
Нягледзячы на агульны сумны стан нашага сённяшняга палітычнага жыцця, выказванне ў духу веры ў грамадскай сферы праз такія віды дзейнасці, як заканатворчы працэс у канкрэтных справах, арганізацыя людзей і галасаванне, мае вялікае значэнне для вучнёўскага наследавання Езуса. Чаму? Паколькі грамадзянскі ўдзел з’яўляецца адным з эфектыўных спосабаў захаваць евангельскі наказ Хрыста накарміць галодных, напаіць сасмяглых, прыняць падарожных, апрануць голых і паклапаціцца пра хворых і вязьняў (пар. Мц 25, 31-46). Напрыклад, мы кормім галодных праз адпаведныя службы і ініцыятывы, задавальняючы індывідуальныя патрэбы людзей па меры іх узнікнення. Аднак мы таксама хочам дасягнуць кораня сацыяльных праблемаў і спрабуем змяніць сістэмы і структуры так, каб людзі больш не рабіліся галоднымі. Вось такая праца патрабуе ўдзелу ў палітыцы.
Паводле https://www.jesuits.org/our-work/justice-and-ecology/take-action-2/civic-engagement/