3 кастрычніка Каталіцкі Касцёл успамінае св. Францішка Борджа (San Francisco de Borja), члена Таварыства Езуса і яго трэцяга  Генерала.

“Вушы свету не вытрымаюць падобнага выбуху”, пісаў св. Ігнацый Лаёла Францішку Борджа, прымаючы яго ў Таварыства Езуса. І сапраўды, жыццё і дзейнасць гэтага святога настолькі ўнікальныя і шырокія, што іх нельга змясціць у рамкі аднаго невялікага артыкула.

Францішак Борджа нарадзіўся 28 кастрычніка 1510 года ў іспанскай Гандыі ў правінцыі Валенсія. У дванаццацігадовым узросце яго адправілі ў Тардэсільяс служыць пажом пры Кацярыне, сястры Карла V. У 1525 годзе Францішак выправіўся ў Сарагосу, каб атрымаць адукацыю, а ўжо праз 4 гады ён ажаніўся на прыдворнай даме. У гэтым шлюбе нарадзілася восем дзяцей.

Пасля смерці імператрыцы Ізабелы Францішак быў прызначаны віцэ-каралём у Каталонію. Ён выконваў абавязкі з вялікім уменнем і захоўваў абсалютную вернасць каралю. Аднак пры гэтым Францішак памятаў аб малітве і посце. У гэтыя гады Борджа пасябраваў з некалькімі дамініканамі і францішканамі. Але найважнейшая ўплыў на яго будучыню аказалі першыя езуіты, якія знаходзіліся праездам у Барселоне, асабліва Пётр Фабер.

У 1542 годзе ён атрымаў у спадчыну герцагства свайго бацькі, аднак пасля смерці жонкі адмовіўся ад яго. У траўні 1546 года Борджа зрабіў “Духоўныя практыкаванні” пад кіраўніцтвам Андрэса дэ Аўеда і даў абяцанне ўступіць у Таварыства. Ігнацый Лаёла выказаў радасць з гэтай нагоды, але параіў Францішку перш уладкаваць жыццё сваіх дзяцей і абараніць доктарскую ступень.

У жніўні 1550 года Францішак атрымаў ступень доктара тэалогіі, тым самым выканаўшы адно з пажаданняў, выказаных Ігнацыем пры прыняцці яго ў Таварыства.

У гэты перыяд ён актыўна займаўся творчасцю. Ён склаў і апісаў метад малітвы на ружанцы, напісаў шэсць кароткіх трактатаў і напісаў некалькі музычных твораў.

У 1551 годзе Борджа прыняў святарскае пасвячэнне.

Незвычайнасць становішча Борджа ў Таварыстве Езуса заключалася ў тым, што ён карыстаўся ўнікальным юрыдычным статусам: залежаў непасрэдна і выключна ад св. Ігнацыя. Тым не менш, карыстаўся падараванай яму свабодай вельмі разважліва.

Яго галоўным клопатам было заснаванне новых калегіумаў і навіцыятаў Таварыства.

У лістападзе 1559 года, ужо пасля абрання новага Генерала ордэна, з-за непрыемнасцяў з інквізіцыяй, ён аддаліўся ў Партугалію і пасяліўся ў старым бенедыктынскім кляштары на беразе ракі Міньё. У 1561 годзе Борджа вярнуўся ў Рым. У 1565 г. ён быў абраны трэцім Генеральным настаяцелем ордэна езуітаў.

На гэтай пасадзе Борджа кіраваў пашырэннем Таварыства па ўсім свеце, якое суправаджалася заснаваннем новых устаноў і пачаткам новага служэння ў Еўропе, Азіі і Амерыцы.

У 1572 годзе ён цяжка захварэў. Брат Маркас, які даглядаў Борджа, спытаўся ў яго, ці не жадае ён чаго. Святы адказаў, што жадае толькі аднаго – Езуса. Напэўна, гэта былі яго апошнія словы. Ён пакінуў гэты свет у поўнач паміж 30 верасня і 1 кастрычніка.