Філіпінскія езуіты, рызыкуючы жыццём, уратавалі з палаючай цэнтральнай бальніцы ў Маніле 35 нованароджаных. У выніку пажару, які здарыўся нядзельнай раніцай 16 мая, ніхто не загінуў.

«Нягледзячы на рызыку для сябе, пры нулявой бачнасці, яны выцягнулі немаўлят, пакінутых у густым дыме», — напісаў у Facebook айцец Марліто Окан SJ (Marlito Ocon).

Як паведамляе Польская рэдакцыя парталу Vatican News, пажарныя змагаліся з агнём чатыры гадзіны.

«Калі б мае сабраты не ўвайшлі ў палаючае крыло шпіталя, гэтых дзяцей не ўдалося б уратаваць», — падкрэсліў айцец Марліто Окан SJ, дадаўшы, што святары заставаліся на месцы пажару да таго часу, пакуль усе пацыенты не апынуліся ў бяспецы.

Напачатку езуіты не ведалі, што рабіць з выратаванымі дзецьмі. Аднаму са святароў прыйшла думка, занесці іх у капліцу, якая знаходзіцца непадалёк ад шпіталя. Так месца малітвы стала часовым аддзяленнем для нованароджаных і цэнтрам эвакуацыі.

27 нованароджаных знаходзіліся ў цяжкім стане. Урачы стараліся аказаць ім неабходную дапамогу. У капліцу пільна было дастаўлена неабходнае абсталяванне і рэспіратары: некаторыя немаўляты мелі патрэбу ў кіслародзе з прычыны дыму, які трапіў у іх лёгкія.

Некалькі дзяцей былі дастаўлены ў бліжэйшыя шпіталі. Праз два дні пасля пажару ў капліцы заставаліся ячшэ двое немаўлят. Іх транспартаванне было немагчымым у сувязі з абвастрэннем санітарнай сітуацыі.

Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by

На выяве: Капліца Філіпінскай цэнтральнай бальніцы стала часовым прытулкам для выратаваных немаўлят. Фота: а. Марліто Окан SJ