З нагоды беатыфікацыі а. Руціліё Грандэ SJ і яго паплечнікаў, якая мае адбыцца 22 студзеня гэтага года, генеральны настаяцель а. Артура Соса SJ скіраваў да ўсяго Таварыства Езуса адмысловы ліст. 

Дарагія сабраты,

22 студзеня 2022 г. мучанікі а. Руціліё Грандэ SJ і свецкія вернікі Мануэль Саларзана і Нэльсан Руціліё Лемус будуць беатыфікаваныя ў сталіцы Сальвадора, Сан-Сальвадоры. Найстарэйшы з іх, Мануэль Саларзана, нарадзіўся ў 1905 годзе ў Сучытота ў Сальвадоры. Яго любілі за дабрыню і непахісную сумленнасць, ён быў пастаянным спадарожнікам душпастырскіх паездак айца Руціліё. Наймалодшы, Нэльсан Руціліё Лемус, быў актыўным, паслужлівым, таварыскім і меў асаблівае пачуццё адказнасці. Нарадзіўся 11 лістапада 1960 г. ў Эль Пайсналь у Сальвадоры, быў сваяком а. Грандэ, але, больш за тое, паміж імі нарадзілася повязь сяброўства, уласцівая людзям, якія разам служаць місіі Пана. Яны былі забітыя за веру ў Лас-Трэс-Крусэс, у некалькіх кіламетрах ад Сан-Сальвадора, 12 сакавіка 1977 года.

Айцец Грандэ, які нарадзіўся ў мястэчку Эль Пайсналь 5 студзеня 1928 года, быў езуітам неспадзяванай рэлігійнай і чалавечай глыбіні. У сваёй слабасці ён знайшоў сваю веліч. Большую частку свайго жыцця ён пражыў у цішыні і пакоры тых, хто крок па кроку становіцца сябрам Езуса. Кожны, хто з ім меў справу, заўсёды знаходзіў у ім добрага чалавека, блізкага і гатовага прыйсці на дапамогу. Ён быў сапраўдным выхаваўцам для семінарыстаў і спагадлівым духоўным спадарожнікам для сальвадорскага духавенства. Айцец Руціліё ведаў, як даваць парады і быць добрым мудрым таварышам, але таксама, як быць рашучым і сур’ёзным адносна таго, што тычыцца хрысціянскага жыцця і адказнага выканання святарскага служэння. Вясковае насельніцтва, да якога ён сам належаў і якому аддана служыў як пастыр, знайшло ў ім блізкага, ахвярнага і зычлівага манаха, які прыняў святарскае пасвячэнне, каб падзяліць сваё жыццё з супольнасцю вучняў Езуса, сведкаў Добрай Навіны.

Жадаючы служыць свайму народу, Руціліё Грандэ паступіў у ніжэйшую семінарыю ў Сан-Сальвадоры ў студзені 1941 года. Там ён адкрыў сваё пакліканне і вырашыў уступіць у Таварыства Езуса. У 1945 годзе ён распачаў навіцыят у Лас-Чорас, недалёка ад Каракаса (Венесуэла), дзе і склаў манаскія абяцанні ў 1947 годзе. Доўгі працэс езуіцкай фармацыі правёў яго праз Кіта ў Эквадоры, Панаму і Іспанію, дзе 31 ліпеня 1959 года ў Онье ён стаў святаром. Пасля трэцяй прабацыі ў Кардобе (Іспанія) ён скончыў курс душпастырства ў Інстытуце “Lumen Vitae” ў Бруселі (Бельгія) і 15 жніўня 1964 г. склаў апошнія абяцанні.

Затым ён быў накіраваны ў семінарыю “San José de la Montaña” ў Сан-Сальвадоры ў якасці прэфекта і выкладчыка катэхетыкі, душпастырства і грамадзянскай фармацыі. Айцец Грандэ разумеў сваё рэлігійнае і святарскае пакліканне ў святле Другога Ватыканскага Сабору. Яго лад жыцця, навучанне і душпастырская практыка былі прасякнуты інтэрпрэтацыяй  прадпісанняў Сабору, якую здзейсніла Канферэнцыя біскупаў Лацінскай Амерыкі ў Медэліне (Калумбія) у 1968 годзе. Абнаўленне, якое ішло ў Касцёле, выклікала шмат унутраных напружанняў у архідыяцэзіі Сальвадора і ў самой семінарыі.

Пазней, у 1971-1972 гг., а. Руціліё быў накіраваны ў Кіта на курсы ў “Instituto de Pastoral Latinoamericana”. Пасля вяртання быў прызначаны ў парафію Пана Міласэрнасці (El Señor de las Misericordias) у горадзе Агіларэс. Да гэтай парафіі належыць і Эль Пайсналь, яго малая радзіма. Разам з трыма езуітамі і дыяцэзіяльным святаром ён аддана і паспяхова прысвяціў сябе арганізацыі парафіі як “супольнасці супольнасцяў”, заснаванай на глыбокай веры мясцовага сельскага насельніцтва. Гэтая парафія дала жыццё асноватворным хрысціянскім супольнасцям, якія былі вельмі актыўнымі, прафетычнымі і фармацыйнымі для многіх свецкіх супрацоўнікаў у душпастырстве. Прызначэнне св. Оскара Арнульфа Рамэра арцыбіскупам Сан-Сальвадора ў 1977 годзе адкрыла дзверы новаму этапу эклезіяльнага навяртання.

Рост усведамлення неабходнасці садзейнічаць трансфармацыі нечалавечых умоў жыцця большасці сялян, выкліканых несправядлівымі структурамі сальвадорскага грамадства, паклаў пачатак сацыяльнай і палітычнай барацьбе ў бурны перыяд гісторыі гэтай цэнтральнаамерыканскай краіны. Многія члены касцёльных супольнасцяў прымалі актыўны ўдзел у грамадска-палітычнай барацьбе. Для а. Руціліё, яго каманды і блізкіх паплечнікаў, якія з прычыны сваёй веры ўступілі ў змаганне за евангельскую справядлівасць, існавала выразнае адрозненне паміж пастырскай працай і ваенна-палітычнай дзейнасцю. Аднак для тых нямногіх, якія адчувалі, што іх улада знаходзіцца пад пагрозай, Руціліё выглядаў як перашкода, якую трэба было знішчыць.

Касцёл, прызнаючы мучаніцкую смерць Руціліё, Мануэля і Нэльсана, лічыць, што іх жыццё было забрана з-за веры, якая надавала іх жыццю сэнс, веры, аб якой яны засведчылі сваёй  несправядліва пралітай крывёю. Таму, як Таварыства Езуса, мы дзякуем Богу за дар жыцця гэтых трох чалавек. Праз іх мы яднаемся з верай народа Сальвадора і з яго намаганнямі спрыяць пераменам, неабходным для стварэння справядлівага грамадства, у якім кожны можа знайсці для сябе месца.

Няхай нашая Пані, Каралева Спакою, Апякунка Сальвадора, будзе святлом на шляху па прыкладу благаслаўлёных мучанікаў з Эль Пайсналя.

Артура Соса SJ
Генеральны настаяцель

Рым, 3 студзеня 2022
Урачыстасць Найсвяцейшага Імя Езус

На выяве: а. Руціліё Грандэ SJ і паплечнікі (Крыніца: AFP)