Падчас апошняга апостальскага падарожжа ў верасні 2024 года Папа правёў тры асобныя закрытыя сустрэчы са сваімі братамі-езуітамі ў Інданезіі, Усходнім Тыморы і Сінгапуры. Галоўнымі думкі, якія прагучалі падчас іх, падзяліўся часопіс La Civiltà Cattolica.
Падчас размоў Францішак неаднаразова звяртаўся да постаці айца Педра Арупэ, былога генеральнага настаяцеля Таварыства Езуса, які пакінуў глыбокі след у гісторыі Ордэна. Пантыфік падкрэсліў важнасць ініцыятывы Арупэ па працы з бежанцамі. “Ён хацеў, каб езуіты працавалі з бежанцамі. Гэта складаная місія на перыферыі грамадства. І ён папрасіў іх спачатку пра адно: малітва, больш малітвы,” – адзначыў Папа.
Святы Айцец таксама падкрэсліў важнасць засцярогі ад змешвання ідэалогіі з сацыяльнай справядлівасцю, пра што Арупэ папярэджваў езуітаў Лацінскай Амерыкі. “Ён быў сапраўдным Божым чалавекам. Я раблю ўсё магчымае, каб ён быў кананізаваны,” – прызнаўся Пантыфік.
Закранаючы складаную сітуацыю ў М’янме, Францішак выказаў сваю занепакоенасць і заклікаў да дзеянняў. “У М’янме сёння нельга маўчаць: трэба нешта рабіць!” – падкрэсліў ён. Папа прызнаўся, што асабіста клапоціцца пра лёс рахінджа і нават сустракаўся з Аун Сан Су Чжы, якая цяпер знаходзіцца ў турме.
“Я прасіў вызваліць спадарыню Аун Сан Су Чжы і нават прыняў яе сына ў Рыме. Я прапанаваў Ватыкан як прытулак для яе. У гэты момант яна з’яўляецца сімвалам. А палітычныя сімвалы трэба абараняць,” – падкрэсліў Пантыфік. Ён дадаў, што будучыня краіны павінна грунтавацца на павазе да годнасці і правоў усіх грамадзян, а таксама на дэмакратычным парадку.
Адказваючы на пытанні пра пераслед хрысціян, Папа заклікаў да “асцярожнай адвагі” ў сведчанні веры. “Шлях хрысціяніна заўсёды з’яўляецца шляхам “пакутніцтва”, гэта значыць, сведчання. Трэба сведчыць з асцярожнасцю і з адвагай: гэта два элементы, якія павінны ісці разам, і кожны павінен знайсці свой шлях,” – сказаў Францішак.
Пантыфік таксама падкрэсліў важнасць інкультурацыі веры і евангелізацыі культуры, называючы гэта “фундаментальнай місіяй Таварыства”. “Вера павінна быць інкультураванай. Вера, якая не стварае культуру, з’яўляецца верай празелітычнай,” – адзначыў ён.
Францішак закрануў тэму сацыяльнай справядлівасці, падкрэсліваючы яе цэнтральнае месца ў місіі Касцёла. “Сацыяльная справядлівасць павінна ўлічваць тры чалавечыя мовы: мову розуму, мову сэрца і мову рук. Быць абстрактным інтэлектуалам, адарваным ад рэальнасці, не дапамагае працаваць дзеля сацыяльнай справядлівасці; сэрца без розуму таксама не дапамагае; і мова рук без сэрца і без розуму таксама не дапамагае,” – растлумачыў Папа сваё бачанне сітуацыі.
Ён заахвоціў езуітаў быць творчымі ў сваім падыходзе да сацыяльнай справядлівасці, заўсёды ўлічваючы месца, час і людзей. “Гэта выклік творчасці і сацыяльнай справядлівасці. Менавіта так трэба ўсталёўваць сацыяльную справядлівасць, а не з дапамогай сацыялістычных тэорый. Евангелле мае свой уласны голас,” – падкрэсліў Францішак.
Святы Айцец прызнаўся, што хацеў бы бачыць Таварыства Езуса адзіным і адважным. “Я аддаю перавагу памылкам з прычыны адвагі, чым з прычыны асцярожнасці. Але нехта можа сказаць: “Калі мы знаходзімся на месцах барацьбы, на межах, заўсёды ёсць рызыка паслізнуцца…”. І я адказваю: “Ну і паслізніцеся!”. Хто заўсёды баіцца памыліцца, нічога не робіць у жыцці,” – падсумаваў Францішак.
Фота: Сустрэча Францішка з езуітамі Усходняга Тымора (Vatican Media)