Гісторыя культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса цесна звязана з іменем св. Клода дэ ля Каламб’ера (1642-1682). У горадзе Парэ-ле-Маніяль на ўсходзе Францыі ён быў спаведніком і духоўным кіраўніком сясцёр візітак. Падчас наведвання кляштара візітак у лютым 1675 года сястра Маргарыта Марыя Алякок пачула ў душы голас: “Гэта той, якога Я пасылаю табе”. Місія, да якой паклікаў яе Пан Езус (асабліва падчас чацвёртага аб’яўлення ў 1675 годзе – каб было ўстаноўлена свята ў гонар Яго Сэрца), пераўзыходзіла яе сілы. Калі манахіня адчувала, што не дае рады ў гэтай справе, тады Сам Езус прыйшоў ёй на дапамогу: “Звярніся да Майго слугі і скажы яму ад Майго Імя, каб зрабіў, што толькі зможа, каб увесці гэтае набажэнства. Гэтым ён будзе падабацца Майму Сэрцу. Няхай не падае духам у цяжкасцях, якія яго спаткаюць. А іх будзе вельмі шмат. Няхай ведае, што моцным становіцца той, хто ні ў чым не разлічвае на сябе, але цалкам давярае Мне”.
Папа Францішак у сваёй апошняй энцыкліцы “Dilexit nos” прысвяціў св. Клоду дэ ля Каламб’еру некалькі абзацаў, згадваючы таксама і словы яго цудоўнай малітвы, якая ў гэтым Юбілейным годзе можа дапамагчы нам быць “пілігрымамі надзеі”.
125. Калі св. Клод дэ ля Каламб’ер даведаўся пра досвед св. Маргарыты, ён адразу ж стаў яе абаронцам і пачаў пашыраць змест аб’яўленняў, якія яна атрымала. Ён адыграў асаблівую ролю ў разуменні і распаўсюджванні набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца, а таксама ў яго інтэрпрэтацыі ў святле Евангелля.
126. Хоць некаторыя выразы св. Маргарыты, няправільна зразуметыя, могуць прывесці да празмернай упэўненасці ва ўласных актах прысвячэння і ахвярах, св. Клод паказвае, што сузіранне Сэрца Хрыста, калі яно сапраўднае, не выклікае ні самазадаволенасці, ні пыхі адносна досведу і чалавечых высілкаў, але неапісальную зануранасць у Хрыста, якая напаўняе жыццё супакоем, бяспекай і рашучасцю. Ён вельмі добра выказаў гэты бязмежны давер у знакамітай малітве:
«Мой Божа, я перакананы, што Ты апякуешся ўсімі, хто на Цябе спадзяецца, і што ні ў чым не мае нястачы той, хто ўсяго чакае ад Цябе. Таму пастанаўляю з гэтага часу жыць без аніякіх турботаў і ўсе свае трывогі ўскласці на Цябе (…). Я ніколі не страчу надзеі, наадварот, захаваю яе да апошняга моманту жыцця, і намаганні ўсіх дэманаў пекла вырваць яе ў мяне будуць марнымі (…). Няхай іншыя шукаюць шчасця ў багацці або ў талентах; няхай іншыя абапіраюцца на нявіннасць свайго жыцця або на суровасць свайго пакаяння, на колькасць сваёй міласціны або на палкасць сваіх малітваў; што тычыцца мяне, Пане, давер да Цябе – адзінае маё спадзяванне. Такі давер яшчэ нікога не падводзіў. (…) Таму я ўпэўнены, што буду навекі шчаслівы, бо цвёрда на гэта спадзяюся, бо менавіта ад Цябе, мой Божа, паходзіць уся мая надзея» [119].
127. У студзені 1677 г. св. Клод пакінуў нататку, у якой, адзначыўшы ўпэўненасць, якую адчуваў адносна сваёй місіі, напісаў далей: «Я зразумеў, што Бог жадае, каб я служыў Яму, стараючыся споўніць Ягоныя жаданні адносна набажэнства, якое Ён прапанаваў пэўнай асобе, з якой Ён размаўляе вельмі канфідэнцыйна, і для дабра якой хацеў выкарыстаць маю слабасць» [120].
128. Важна адзначыць, што ў духоўнасці Каламб’ера існуе цудоўны сінтэз паміж багатым і прыгожым духоўным досведам св. Маргарыты і вельмі канкрэтным сузіраннем ігнацыянскіх практыкаванняў. Ён пісаў на пачатку Трэцяга тыдня 30-дзённых практыкаванняў: «Дзве рэчы надзвычай мяне ўзрушылі. Першая – гэта настрой, з якім Езус Хрыстус выходзіць насустрач тым, хто Яго шукае. Ягонае сэрца патанае ў моры горычы: усе пачуцці ўзрушаныя, уся натура ў трывозе, аднак пасярод усёй гэтай бязладзіцы і ўсіх гэтых спакусаў Сэрца скіравана наўпрост да Бога; Ён без ваганняў выбірае тое, што прапануе цнота, прычым найвышэйшая з цнотаў (…). Другая рэч – пастава таго ж Сэрца ў адносінах да Юды, які здрадзіў Яго; да Апосталаў, якія баязліва пакінулі Яго; да святароў ды іншых адказных за пераслед, які Ён цярпеў, – нічога не здолела выклікаць у Ім ані найменшага пачуцця нянавісці ці абурэння (…). Так што я ўяўляю гэтае Сэрца без горычы, без злосці, поўным сапраўднай пяшчоты да сваіх ворагаў» [121].