Папа Францішак, першы ў гісторыі езуіт, выбраны на пасад святога Пятра, пакінуў пасля сябе пантыфікат, глыбока ўкаранёны ў духоўнасці святога Ігнацыя Лаёлы, якая пранізвала не толькі асабістыя рашэнні Папы, але і ўсё бачанне Касцёла, якое ён стараўся ажыццявіць. Яго стыль, поўны пакоры, адкрытасці і дыялогу, быў жывой інтэрпрэтацыяй ігнацыянскага падыходу да Бога, чалавека і свету.

Годнасць, міласэрнасць і адкрытасць

Францішак абапіраўся на пазітыўную антрапалогію святога Ігнацыя: бачыў у чалавеку стварэнне, умілаванае Богам. Памятаў, што Стварыцель узаемадзейнічае непасрэдна са сваім стварэннем (пар. ДП 15) і што кожная асоба, незалежна ад гісторыі жыцця, мае ў сабе патэнцыял дабра і здольнасць распазнаваць Божую волю. Папа нястомна падкрэсліваў, што сумленне – гэта месца спаткання з Богам, а не тое, што можна выдрэсіраваць; гэта прастора, якую трэба фармаваць у дыялогу з ласкай.

Менавіта з такой паставы вырасла ягоная гатоўнасць да прабачэння – у духу Першага тыдня “Духоўных практыкаванняў”. Папа часта паўтараў, што Касцёл павінен быць падобны на “палявы шпіталь” – адкрытым на грэшнікаў, дзе не асуджаюць, але лечаць. З гэтай паставы вынікалі такія рашэнні, як дазвол усім святарам адпускаць грэх аборту, адкрытасць у адносінах да ЛГБТ і разведзеных.

Суправаджэнне і блізкасць

Ігнацыянскае “духоўнае суправаджэнне” сталася падмуркам папскага служэння. На пасадзе Папы Францішак практыкаваў суправаджэнне – быў прысутны, дасяжны, гаварыў мовай свайго суразмоўцы, пазбягаў дыстанцыі. Яго папскія нечаканыя тэлефонныя званкі, выпадковыя сустрэчы, нефармальны стыль камунікацыі – усё сведчыла пра дух блізкасці і таварыскасці ў стылі “чалавек-чалавек”, а не “ўстанова-чалавек”.

Стыль блізкасці: больш слухаць, чым вучыць

Для Францішка распазнаванне было працэсам – няспынным пошукам Божай волі, які вымагаў адкрытасці, цярплівасці і індывідуальнага падыходу. Ён вучыў гэтаму метаду на катэхезах, праз сінод, у рашэннях – заўсёды больш запытваў і слухаў, чым навязваў. Яго стыль кіравання быў глыбока сінадальным: дыялагічным, адважным, але таксама гнуткім. Ён не баяўся змяніць сваю пазіцыю, калі духоўнае распазнаванне вяло ў іншым напрамку.

Распазнаванне замест самаўпэўненасці

Замест таго, каб сфармуляваць жорсткія дактрыны, Францішак, як і святы Ігнацый, прапаноўваў метад духоўнага распазнавання – працэсу пошуку Божай волі ў індывідуальным кантэксце жыцця кожнага чалавека. Такое стаўленне вырастала з “Духоўных практыкаванняў”, якія замест гатовых адказаў прапануюць дапамогу ва ўпарадкаванні пачуццяў і распазнаванні таго, што ёсць воляй Бога.

Стыль кіравання Папы – эластычны, дыялагічны, часта крытыкаваны за адсутнасць адназначнасці – адпавядаў ігнацыянскай ідэі “большага дабра”, якое выяўлялася ў працэсе.

На межах свету і Касцёла

Для Ігнацыя езуіт – гэта чалавек мяжы, пасланы туды, дзе іншыя не хочуць або не могуць ісці. Папа Францішак рэалізаваў гэтую місію напоўніцу: адведваў турмы, лагеры для бежанцаў, бедных і адкінутых. У энцыкліках Evangelii Gaudium, Laudato si’ i Fratelli Tutti ён нястомна паказваў на перыферыю – геаграфічную, экзістэнцыяльную і духоўную – як на святую прастору прысутнасці Касцёла.

Жэсты кажуць больш, чым словы

Яго пантыфікат – гэта не толькі словы, але перадусім жэсты: сціплая вопратка, пражыванне ў Доме святой Марты, адмова ад раскошы. Ён ужываў вобразную мову, поўную параўнанняў і гісторый, якая прамаўляла да сэрца. У ігнацыянскай духоўнасці існуе паняцце суцяшэння – унутранай радасці як знака дзеяння Бога. Папа Францішак верыў, што сапраўдная радасць – не аздоба, а выразны паказчык ласкі (Evangelii Gaudium).

Заўжды езуіт

Падчас кожнага апостальскага падарожжа Францішак наведваў мясцовых езуітаў – нібы вяртаючыся да вытокаў. Ягоная папская місія была працягам езуіцкага паклікання: быць поруч з людзьмі, распазнаваць з імі і для іх, ісці на межы, быць Касцёлам у дарозе – Касцёлам, які служыць, слухае і любіць.