Калі ў маёй маці дыягнаставалі рак мозгу і лёгкіх, надзея зляцела з мяне, як лісце падчас урагану. На яе месца прыйшлі страх і трывога. Я баяўся за маці, за сябе і сваю сям’ю, трывожыўся аб тым, што чакае наперадзе маю маму і ўсіх нас.
Мая мама – мініяцюрнае ўвасабленне нязломнай песні “My Way” Фрэнка Сінатры – вырашыла адмовіцца ад любога лячэння. Ні хіміі, ні аперацыі. Хоць яна разумела, што будзе пакутаваць, калі рак раз’есць яе цела і розум, але вырашыла не цярпець тых пакут, якія суправаджаюць інвазійныя медыцынскія працэдуры. Я бязмежна прагнуў выкарыстаць усю моц пераканання, каб угаварыць яе прайсці лячэнне, але ў нас з сёстрамі не было іншага выбару, як ушанаваць яе пажаданні. “Гэта маё жыццё, – заявіла яна, – і я памру так, як я хачу памерці”.
Цягам наступных месяцаў я змагаўся з пачуццём бездапаможнасці. Малітва ішла цяжка, але я знайшоў апору ў ружанцы, сваёй заўсёднай малітве ў складаных перажываннях. У некаторыя дні гэта была адзіная малітва, на якую хапала сіл. Але паўтаральны рытм пацерак ружанца не даваў мне ўпасці ў адчай.
Цалкам чакана мяне прыцягвалі Балесныя таямніцы Мукі Хрыста. Цярпенні Езуса ў Гетсіманскім садзе адчуваліся больш рэальнымі поруч з мамай, якая пакутавала ад болю, які сама абрала. Я глядзеў, як яна надзімалася, як паветраны шарык, а потым здзімалася ў тонкай абалонцы таго, кім яна некалі была. Чуў, як яна ў апошнія тыдні свайго зямнога жыцця зноў і зноў мармытала імя Бога… Вобраз Хрыста, які нясе свой крыж, ажываў у маёй свядомасці. Я ўспрыняў Яго вобраз як напамін, што любоў трывае нават у болю. Візія Укрыжавання паказала мне, што паддацца не значыць прайграць.
Амаль праз год пасля таго, як маці быў пастаўлены дыягназ, надышлі яе апошнія хвіліны. Яна больш не магла гаварыць, але я сядзеў побач і шаптаў ёй на вуха скарочаныя заклікі ружанцовых малітваў. Не было ніякай надзеі, што яна пражыве хоць нейкі даўжэйшы час, але калі я маліўся, мяне ахапіла іншая надзея. Не надзея на тое, што яна вылечыцца, а надзея, якая напаўняла яе жыццё маці, абаронцы і сябра. Ружанец стаў мостам паміж намі, ціхім запэўніваннем, што, нават пакідаючы гэты свет, мама не заставалася адна. Марыя была побач, малілася за яе і з ёй, і са мной.
Ружанец – рэч шматгранная. Гэта альбом успамінаў Марыі пра Сына. Гэта даследаванне таямніцы. Гэта форма малітоўнай адарацыі, дзе мы выкарыстоўваем малітву і ўяўленне, якія дапамагаюць нам увайсці ў заспакаяльную, аздараўляючую і суцяшальную прысутнасць Хрыста. Але для мяне Ружанец заўсёды быў малітвай надзеі. Яна не абяцае, што цярпенняў не будзе, але нагадвае нам, што яны не з’яўляюцца канцом гісторыі. Калі Балесныя таямніцы вучаць нас, што любоў трывае нават у смутку, Хвалебныя таямніцы, якія ідуць за імі, абвяшчаюць найвялікшую надзею з усіх: смерць – гэта не апошняе слова.
Святы Ігнацый вучыў, што ва ўсім трэба шукаць Бога. Ружанец дапамог мне ў гэтым падчас балючага перыяду жыцця. Ружанец пранёс мяне праз агромністыя хвалі страху і смутку і прывёў нарэшце ў месца спакою. Нават цяпер, молячыся на ружанцы, я чую рэха той апошняй малітвы, якую прашаптаў маме на вуха: “Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас цяпер і ў хвіліну смерці нашай”.
Далікатны, але моцны напамін аб тым, што надзея жыве вечна.
Гэры Янсэн
Крыніца: The Rosary: A Prayer of Hope in Difficult Times
Яшчэ адзін артыкул гэтага аўтара на нашым сайце: Адказ на цярпенне