“Таварыства Езуса даўно прысутнічае там, дзе патрэбы чалавецтва сустракаюцца з Божай збаўчай любоўю”. Папа Леў XIV пацвердзіў гэта падчас сваёй аўдыенцыі 24 кастрычніка з вышэйшымі настаяцелямі, якія сабраліся ў Рыме на 10-дзённую сустрэчу.

“Сёння я паўтараю: Касцёл мае патрэбу ў вас на геаграфічных, культурных, інтэлектуальных і духоўных межах”, сказаў Святы Айцец, заклікаючы езуітаў працягваць сваё служэнне Касцёлу і свету,  нягледзячы на імклівыя культурныя, эканамічныя і палітычныя змены. 

Айцец генерал Артура Соса ўзначаліў групу з каля 100 езуітаў, у тым ліку правінцыялаў і рэгіянальных настаяцеляў, старшынь канферэнцый, асістэнтаў, сакратароў і штатных перакладчыкаў. Прадстаўляючы дэлегацыю Святому Айцу, ён яшчэ раз падкрэсліў гатоўнасць Таварыства як паасобку, так і апостальскай супольнасці ў цэлым служыць універсальнай місіі Касцёла, дзе б таго не пажадаў Святы Айцец. Ён таксама нагадаў, што ў 2019 годзе Папа Францішак даў Таварыству ўказанні па ажыццяўленні яго місіі праз Глабальныя апостальскія прыярытэты.

Айцец Генерал растлумачыў, што сустрэча вышэйшых настаяцеляў, якая адбываецца ў гэтыя дні, мае на мэце “разважанне над місійным вымярэннем харызмы Таварыства Езуса”.

З самага заснавання езуіты мелі асаблівыя адносіны з Найвышэйшым Пантыфікам. Калі святы Ігнацый з сябрамі запрагнулі служыць на місіях, яны адправіліся ў Рым і аддаліся ў распараджэнне Папу. Гэтыя адносіны яшчэ больш замацоўваюцца ўнікальным чацвёртым абяцаннем паслухмянасці, якое езуіты даюць Святому Айцу адносна місіі, апроч абяцанняў беднасці, чысціні і паслухмянасці.

У сваім звароце да езуітаў Папа Леў вызначыў некаторыя межы, уласцівыя сучаснаму свету. Ён адзначыў, што сінадальны шлях “заклікае ўсіх нас глыбей слухаць Святога Духа і адзін аднаго”, каб нашыя формы служэння і структуры “маглі быць больш гнуткімі, празрыстымі і чуйнымі да Евангелля”.

Яшчэ адна мяжа, заўважыў Папа, знаходзіцца ў вобласці “прымірэння і справядлівасці”. У свеце, спустошаным няроўнасцю і канфліктамі, ён заклікаў Таварыства супрацьстаяць “глабалізацыі бяссілля” і дзейнічаць праз культуру прымірэння, захоўваючы веру, што дабро пераможа зло.

Яшчэ адной важнай мяжой Папа Леў назваў штучны інтэлект. Святы Айцец заклікаў да духоўнага распазнавання ў справе задзейнічання лічбавых платформаў у евангелізацыі і фармацыі супольнасцяў, паколькі тэхналогіі нясуць рызыку ізаляцыі і пагражаюць людзям новымі формамі маніпуляцый і злоўжыванняў.

“Глабальныя апостальскія прыярытэты Таварыства… безумоўна, з’яўляюцца межамі, якія патрабуюць распазнавання і мужнасці», пацвердзіў Папа Леў XIV.

Шэсць гадоў таму Папа Францішак зацвердзіў чатыры Глабальныя апостальскія прыярытэты, якія акрэсліла для сябе Таварыства: паказваць шлях да Бога праз духоўныя практыкаванні і распазнаванне, быць побач з адкінутымі, спадарожнічаць моладзі ў стварэнні будучыні, поўнай надзеі, і клапаціцца пра наш агульны дом, як прыярытэтныя шляхі місіі на дзесяць год, з 2019 па 2029.

“Я заклікаю вас сустракацца з людзьмі, якія ў гэтым неспакоі жывуць: сустракацца ў рэкалекцыйных дамах, ва ўніверсітэтах, сацыяльных сетках, парафіях і нефармальных месцах, дзе збіраюцца людзі ў пошуку, заахвоціў езуітаў Папа Леў, падкрэсліваючы, што першы прыярытэт адгукаецца “на глыбокае прагненне сэрцаў” многіх людзей па ўсім свеце, якія шукаюць сэнс жыцця.

Адносна другога прыярытэту Святы Айцец заклікаў Таварыства супрацьстаяць “дыктатуры эканомікі, якая забівае”, і не паддавацца незадаволенасці, “стоме ад спачування”, фаталізму перад абліччам такой велізарнай колькасці бедных, чалавечая годнасць якіх парушаецца.

Ён падкрэсліў таксама неабходнасць суправаджэння моладзі, адзначыўшы, што Касцёл павінен адкрыць для сябе мову маладых людзей і размаўляць на ёй дзеяннямі, прысутнасцю і словамі. “Важна стварыць месцы, дзе яны могуць сустрэць Хрыста, адкрыць сваё пакліканне і працаваць для Валадарства”, настойваў Папа. У сувязі з гэтым наступны Сусветны дзень моладзі ў Карэі (2027) ён акрэсліў як “ключавы момант для гэтай місіі».

Папа Леў заклікаў да пакорнага супрацоўніцтва ў адказ на чацвёрты прыярытэт, адзначыўшы, што “моладзь патрабуе змен” у нашым падыходзе да экалагічнага крызісу. Ён дадаў, што “экалагічнае навяртанне глыбока духоўнае; яно тычыцца аднаўлення нашых адносін з Богам, адно з адным і са стварэннем”.

Святы Айцец таксама нагадаў езуітам пра ўкаранёнасць у Хрысце праз малітву, сакрамэнты і набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца. “З гэтай укаранёнасці, адзначыў ён, вы будзеце мець мужнасць ісці куды заўгодна: казаць праўду, несці паяднанне, лячыць, працаваць на карысць справядлівасці, вызваляць палонных. Ніякая мяжа не будзе па-за вашай дасяжнасцю, калі вы будзеце ісці з Хрыстом”.

“Я спадзяюся, што Таварыства Езуса будзе мець магчымасць чытаць знакі часу з духоўнай глыбінёй, і што вы прымеце тое, што спрыяе чалавечай годнасці, і адкінеце тое, што яе змяншае”, сказаў Папа, выказваючы жаданне, каб Таварыства было “спрытным, крэатыўным, верным распазнаванню і заўсёды місійным”.

Пасля аўдыенцыі з Папам астатняя частка восьмага дня сустрэчы вышэйшых настаяцеляў была прысвечана тэме “Пераасэнсаванне структур кіравання”. Айцец Бэнэдыкт Хары Джуліяван, правінцыял Інданезіі, і айцец Клаўдыё Пол з Генеральнай курыі выступілі з прэзентацыяй, якая дала вышэйшым настаяцелям матэрыял для групавых дыскусій і пленарнага пасяджэння.

Крыніца: Pope to Jesuit Major Superiors: “The Church needs you at the frontiers” | The Society of Jesus