У дзень літургічнага ўспаміну святога Пятра Фабэра прапануем фрагмент артыкула а. Дэвіда Л. Флемінга SJ, прысвечаны гэтаму святому. Артыкул распавядае пра трох святых езуітаў: Ігнацыя Лаёлу, Францішка Ксаверыя і Пятра Фабэра, якія яшчэ студэнтамі апынуліся ў адным пакоі падчас вучобы ў Парыжы, пасябравалі і прайшлі свой непаўторны жыццёвы шлях да святасці. Пётр Фабэр адносна нядаўна, дзякуючы Папе Францішку, пачаў рабіцца больш вядомым, што насамрэч вельмі справядліва. Фабэр быў афіцыйна абвешчаны святым толькі 17 снежня 2013 года. 

Пётр Фабэр першым з сяброў атрымаў святарскае пасвячэнне. Менавіта Пётр Фабэр цэлебраваў Імшу ў капліцы на Манмартры, дзе першыя сем парыжскіх «кампаньёнаў Езуса» склалі абяцанне паехаць у Святую Зямлю. Нягледзячы на тое, што Пётр Фабэр і Францішак Ксаверый нарадзіліся ў адзін месяц і год, і таму былі аднаго ўзросту, жылі разам у адным пакоі падчас вучобы ў Парыжскім універсітэце, Фабэр заўсёды нібы «старэйшы», больш сур’ёзны і больш сталы з іх дваіх. У пэўным сэнсе Фабэр быццам бы «нарадзіўся старэйшым». Паводле ўласнага сведчання Фабэра, мы маем справу з чалавекам, які пакутуе ад скрупулаў, у яго больш меланхалічны характар, ён, здаецца, бачыць больш сур’ёзны бок жыцця.

У той жа час, якраз да Фабэра (пасля Ігнацыя) цягнуцца ўсе першыя езуіты. Ён той, хто слухае; той, чыя мудрасць і парады ўспрымаюцца імі без супраціву. Ён сапраўды заслугоўвае таго, каб звацца таварышам, спадарожнікам.

Фабэр ухапіў, на мой погляд, адносіны з Богам, адлюстраваныя ў Трэцім тыдні Духоўных практыкаванняў. Менавіта ён ведае, што значыць «быць з», спачуваць, нават ужо тады, калі яны ўпершыню сустракаюцца са старэйшым студэнтам Ігнацыем, якому цяжэй давалася вучоба. Як першы святар Парыжскай групы, ён першым яднаецца з Эўхарыстычным Хрыстом. Трэці тыдзень Практыкаванняў пачынаецца з разважанняў пра падзеі Апошняй Вячэры. Ігнацый дае ўводзіны або «пункты» наступным чынам: 1) Езус цэлебруе пасхальную вячэру з апосталамі і прадказвае сваю смерць; 2) Ён абмывае ногі вучням; 3) Ён устанаўлівае Найсвяцейшую Ахвяру Эўхарыстыі, найвялікшы знак сваёй любові. Малітва гэтым зместам дае кірунак і акрэслівае малітоўныя перыяды ўсяго Тыдня. Відавочна, Ігнацый быў знаёмы з багаццем старазапаветнай традыцыі пасхальнай вячэры. Пасхальная вячэра, якая бярэ свой пачатак у часы Зыходу з Егіпта, асаблівую ролю надавала ягняці, які быў ежай, збавеннай крывёй для пазначэння вушакоў дзвярэй (пазней нават ілбоў) і пасілкам у дарогу. Абмыванне ног вучняў паказвала жыццё, цалкам адданае служэнню. Эўхарыстыя, як яе коратка апісвае Ігнацый, – гэта найвялікшы знак любові Езуса. Заўважым: Ігнацый апісваў Эўхарыстыю як найвялікшы знак любові Езуса яшчэ да таго, як мы ўступім у пакуты і смерць Езуса на крыжы. Паводле Ігнацыя, поўная ахвяра Езуса ў Эўхарыстыі – гэта няспынная рэальнасць, у якой мы запрошаны ўдзельнічаць; смерць на крыжы – рэальная гістарычная падзея, але яна на самай справе робіць яўным той «найвялікшы акт любові». Іншымі словамі, крыж інтэрпрэтуецца і набывае сэнс праз Эўхарыстычную рэчаіснасць.

Пётр Фабэр, як першы святар Таварыства, атрымаў дар жыць гэтай ласкай Трэцяга тыдня выключным чынам, які вылучае яго сярод сяброў. Ён увасабляў езуіцкую харызму, якая чыніла Эўхарыстыю цэнтрам духоўнага і малітоўнага жыцця езуіта. З Эўхарыстыі ён чэрпаў сілы быць спадарожнікам Езуса – тым, хто дзеліцца Хлебам вечнага жыцця, – які робіць супольнасць адным Целам. З Эўхарыстыі, атаясамліваючы сябе з Езусам, які навекі знаходзіцца ў стане аддавання свайго жыцця Айцу і нам, сваім сёстрам і братам, Пётр мог прысвяціць сваё жыццё справе паяднання першых лютэранскіх рэфарматараў. Фабэр быў сапраўды нашым першым езуітам-экуменістам, і рабіў гэта з любоўю. Яго лісты і рэкамендацыі нязменна паказваюць яго як чалавека ірэніка (таго, хто імкнуўся забяспечыць сувязь паміж канфесіямі ці дэнамінацыямі, не адмаўляючыся ад асноўных перакананняў, займаючы цэнтральнае становішча паміж дагматызмам і рэлятывізмам). Ён трымаецца праўды, у якую верыць, але заўсёды гатовы ўступіць у дыялог з тымі, хто бачыць яе інакш. Ён не спяшаецца асуджаць, бо хто можа заняць месца Бога Суддзі? Эўхарыстыя заўсёды ёсць падзякай – і Фабэр жыве ўдзячнасцю Богу. Ён жыве сваёй Эўхарыстыяй.

Паводле сваёй засяроджанасці на Эўхарыстыі, Пётр Фабэр-езуіт – гэта сапраўдны вобраз члена Таварыства Езуса: таго, хто аддае сябе братам, каб падтрымліваць іх і быць ім сябрам. Пётр Фабэр – гэта той, хто абяцаў служыць Касцёлу пад апекай Папы. І вось Пётр – першы з езуітаў, пасланы на місію па непасрэдным наказе Святога Айца на розныя сустрэчы і канферэнцыі ў некалькіх краінах, а таксама адзін з нашых прадстаўнікоў, якога чакалі на першых пасяджэннях Трыдэнцкага сабору.

Пётр – найлепшы з духоўных кіраўнікоў, якія давалі першыя Практыкаванні, бо ён дарэшты атаясамлівае сябе з Эўхарыстычным Хрыстом: слухае глыбока і далікатна, а кіруе з лёгкасцю анёльскага дотыку. У Пятра няма ўласнай праграмы; ён ведае толькі ўкрыжаванага Хрыста, і тым жыве і так прапаведуе. На ўзор Езуса, Пётр (нават больш відавочна, чым Францішак Ксаверый) пасланы ў свет, і менавіта ў працэсе выканання місіі ён аддае сваё жыццё, як і Езус, у адносна маладым узросце (Пётр памёр у Рыме ў сорак гадоў, не паспеўшы трапіць на Трыдэнцкі сабор).

Хоць Фабэр – першы з езуітаў-святароў, ён застаецца сімвалам для ўсіх езуітаў, незалежна ад таго, атрымалі яны святарскае пасвячэнне ці не, і для ўсіх, каму блізкая ігнаціянская духоўнасць, сімвалам таго, як увайсці ў глыбокія адносіны з Эўхарыстычным Хрыстом. Эўхарыстыя павінна заставацца штодзённай цэнтральнай цэлебрацыяй для тых, хто называе сябе “кампаньёнамі” Хрыста. Эўхарыстычны Хрыстус – цэнтр супольнаснага і парафіяльнага жыцця, цэнтр асабістай і супольнай малітвы, цэнтр умацавання місіянерскай дзейнасці. Для езуітаў яна з’яўляецца іх штодзённым «высыланнем на місію», коранем іх «місійнай» паслухмянасці. Эўхарыстыя выяўляе сутнасць нашага духоўнага стаўлення як людзей, заўсёды ўдзячных Богу за ўвесь наш спосаб дзеяння.

Дэвід Л. Флемінг SJ

Крыніца: The ignatian anniversaries. Three holy jesuits

Выява св. Пятра Фабэра ўзята з сайта Americamagazine.org