Святы Ігнацый Лаёла адшукаў сапраўдную свабоду, калі навучыўся слухаць Божы голас. Пошук, тым не менш, трываў досыць доўгі час. А пачаткам працэсу стала амаль што фатальнае раненне ў бітве. Ногі Ігнацыя – і яго жыццёвыя мары – былі паламаныя. Ці здаралася з табой штосьці падобнае? Вядома, не літаральна так, як у Ігнацыя, спадзяёмся. Але ў жыцці шмат паваротаў. Ніколі не атрымліваецца дакладна так, як чакаецца. Як ты даў рады ў той сітуацыі? Адчуваў расчараванне? Горыч? Ці, насуперак абставінам, быў натхнёны новымі накірункамі і знайшоў новую надзею і веру… нават любоў?

Сапраўдная свабода ў тым, каб быць свабодным ад сябе, ставіць у цэнтр жыцця не сябе, а Хрыста.

Ігнацый знайшоў сапраўдную свабоду і, пераймаючы яго вопыт, мы прапануем восем шляхоў да сапраўднай свабоды.

1. Рахунак сумлення

Гэтым ігнацыянскім тэрмінам абазначаецца час засяроджання ўвагі на тым, дзе ты цяпер, дзе тваё сэрца і што ў ім адбываецца. А таксама – што прыцягвае цябе і куды кіруе на павярхоўным узроўні… і на больш глыбокім? Гэта спосаб паступова ўзрастаць ва ўсведамленні, адкрываць сваё найглыбейшае “я” і вучыцца ісці ў тыя глыбокія месцы. Ты пачынаеш лягчэй бачыць, дзе ты адказаў на Божы заклік у сваім жыцці, а дзе адышоў ад Яго.

2. Уяўленне

Св. Ігнацый сцвярджае, што ўяўленне можа стаць спосабам злучыць сваю гісторыю з Езусам. Вядома, нашае ўяўленне можа так ці інакш увесці нас у зман. Страшна! Але яно таксама можа выратаваць нас. Як? Ігнацый кажа: уяві жыццё, якое далей ідзе з Езусам. Уяві сябе каля купальні, калі Езус праходзіць побач… і аздараўляе цябе (Ян 5, 1-15). Уяві, як цябе спускаюць праз дах сябры… і ты ўстаеш здаровы (Лк 5, 17-26). Уяві сабе новы пачатак.

Дазволь марам аб будучыні змяніцца пад уплывам спаткання з Божымі марамі пра цябе. Ці рызыкнеш? Сузіраюы, як Ён прамаўляў, ішоў, дапамагаў і вылечваў, мы можам сабе ўявіць, як слухаем Яго, паступова перамяняемся… і затым робім тое самае, кожны дзень ідучы з Ім поруч, вучымся жыць і любіць, як Ён, ставіцца да іншых так, як Ён. Гэта падарожжа на ўсё жыццё. Але яно можа пачацца тут і цяпер.

Даведайся больш пра малітву ўяўленнем
3. Духоўнае суправаджэнне

Калі кожны ідзе сам па сабе – сучасная тэндэнцыя, дарэчы, – можна незаўважна збочыць з добрай дарогі і заблукаць у тумане. Але калі ты крочыш разам з кімсьці, калі вучышся давяраць гэтай асобе, калі рызыкнеш падзяліцца тым, што адбываецца ўнутры… ты будзеш здзіўлены. Ты будзеш захоплены мудрасцю іншых людзей і тым, як Дух Божы дзейнічае ў нас. Іншыя людзі часта бачаць тое, што для нас з’яўляецца сляпымі плямамі. Вядома, калі даверышся людзям, якія не заслугоўваюць даверу ці якім не хапае мудрасці, можаш трапіць у бяду. Таму знайдзі мудрага правадніка – мудрага настаўніка – ім можа быць блізкі сябра, святар, манах ці манахіня, увогуле, асоба са здаровым сэнсам. Святая Тэрэза Авільская казала: “Дайце мне лепш таго, хто мае шмат здаровага сэнсу, чым кагосьці духоўнага”. Спрабуй пашукаць!

Даведайся больш пра духоўнае суправаджэнне
4. Духоўны дзённік

Праз вядзенне запісаў ты можаш адсочваць свае ўзлёты і падзенні, свой рух наперад і моманты няўдач. Ігнацый быў вялікім прыхільнікам дзённікавых запісаў. Ён ведаў, з якой лёгкасцю мы пра ўсё забываемся. Асаблівым чынам, забываемся быць удзячнымі. Мы вяртаемся да нашага стану “па змаўчанні”, які заключаецца ў тым, каб… так бы мовіць… вышукваць памылкі ў сабе і іншых. Дзённік можа дапамагчы заўважыць, калі ты заграз на адным месцы, калі ідзеш наперад і што адбываецца ўнутры цябе кожны дзень. Мы так шмат прысвячаем увагі сацыяльным сеткам, тэлевізару, фільмам, куплянню рэчаў. Каб запісаць, трэба спыніцца і пачаць шукаць нешта глыбейшае і быць удзячным.

Даведайся больш, чаму карысна весці дзённік
5. Дапамога іншым

Што б ты сказаў на прапанову раз на тыдзень працаваць гадзіну-другую ў прытулку ці ў сталовай для бяздомных? Дапамога не павінна займаць увесь дзень або тыдзень, не павінна быць чымсьці драматычным. Але твой удзел можа адкрыць табе вочы на ​​людзей, якія знаходзяцца па-за тваёй уласнай “бурбалкай”, можа зрабіць цябе больш свабодным, здольным па-іншаму думаць пра свет і пра іншых. Дапамога іншым можа вызваліць ад прадузятасці – ты ўбачыш усё новымі вачыма. Ты нават можаш адкрыць  нешта новае ў самім сабе, адчуць вызваленне. Св. Ігнацый казаў, што любоў трэба больш укладаць у справы, чым у словы. Усе мы пакліканы быць людзьмі для іншых, гэта значыць, служыць.

Шукай магчымасці дапамагаць

Звярніся ў сваю парафію

Пашукай, дзе патрэбныя валанцёры? Напрыклад, “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас”

6. Адкрыць у сабе лідэра

Так, мы ўсе лідэры. Магчыма, ты не будзеш лідэрам на вышэйшай пазіцыі ў арганізацыі або ў кампаніі з Сіліконавай даліны. Нам так часта прамываюць мазгі, пераконваючы, што сапраўдныя лідэры – магутныя, важныя (у сваіх вачах) , тыя, хто кіруе іншымі, хто ўмее памнажаць сваю вагу. Але Езус перавярнуў гэта, сказаўшы, што такое лідэрства несапраўднае, супярэчнае Евангеллю. Евангельскае лідэрства азначае служэнне, слуханне, любоў, уяўленне, абдымкі, прабачэнне. Паводле такіх крытэрыяў мы ўсе патэнцыйныя лідэры. Ты можаш быць лідэрам у сям’і, у сваёй супольнасці. Бацькі могуць быць лідэрамі для сваіх дзяцей.

Больш пра лідэрства ў ігнацыянскім духу
7. Чытанне Бібліі кожны дзень

Гэта зручна рабіць, калі прытрымлівацца чытанняў дня, прапанаваных для Літургіі слова на Эўхарыстыі. Іх нескладана знайсці ў Інтэрнэце. Адкрыўшы тэкст, знайдзі ціхае месца, запалі свечку (калі ёсць жаданне і магчымасць) і павольна прачытай. А потым … проста будзь уважлівым. Адзнач, якая фраза ці слова цябе ўразілі. Магчыма, ты ўсвядоміш, што розум блукае ў самых розных напрамках. Але паступова ты дакранешся да самага важнага, любові, якая напаўняе жыццё энергіяй, і да таго, што блакуе гэтую любоў. Калі чытаць Святое Пісанне ў духу малітвы, яно становіцца своеасаблівым барометрам. Не чытай Біблію як набор маральных інструкцый, якія ты выконваеш (ці, часцей, не). Прачытай і… дай сябе зрушыць з месца. Гэта чыніць Дух!

Даведайся больш пра магчымасці малітвы Святым Пісаннем
8. Распазнаванне

Распазнаванне палягае на пошуку Божага закліку ў сваім жыцці і падсумоўвае ўсе вышэй пералічаныя пункты. Ты распазнаеш, слухаючы сябе, сваё атачэнне, уяўляючы іншы свет і іншага сябе ў гэтым свеце. Распазнаеш праз служэнне. Усё з’яўляецца ўводнымі данымі для распазнавання. Але самае важнае – ты распазнаеш, слухаючы Духа, які заўсёды працуе ў папярэдніх сямі пунктах. Сутнасць распазнавання ў тым, каб вучыцца выяўляць, што прыходзіць ад Бога, а што – ад злога духа, і выбіраць Бога.